ПЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б Адбыўся 16—22.1.1934 у Мінску. Прысутнічалі 456 дэлегатаў з рашаючым і 271 з дарадчым голасам ад 65 119 чл. і канд. у чл. партыі разам з вайск. арг-цыямі; 37 909 чл. і канд. у чл. КП(б)Б]. Парадак дня; справаздачы ЦК КП(б)Б
(М.Ф.Гікала),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б (І.Ф.Кудзелька), ЦК ККП(б)Б (І.А.Лычоў); даклады аб 15-годдзі ўтварэння КП(б)Б і БССР (В.Ф.Шаранговіч), аб калгасным і саўгасным будаўніцтве (М.М.Галадзед); выбары кіруючых органаў партыі і дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б). З’езд прааналізаваў вынікі 1-й пяцігодкі, вызначыў задачы і кірункі дзейнасці КП(б)Б у 2-й пяцігодцы, разгледзеў праблемы індустрыялізацыі рэспублікі, далейшай перабудовы сельскай гаспадаркі і інш. З’езд падвёў вынікі чысткі партыі: за 1933 з КП(б)Б выключана 9769 чл. і канд. у чл. партыі (18,4%), пераведзена з чл. у канд. 4266 чал. і з канд. у спачуваючыя 3108 чал. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК КП(б)Б, прызнаў яго паліт. лінію правільнай, арганізац. работу здавальняючай; ухваліў тэзісы ЦК ВКП(б) да XVII з’езда партыі па 2-му пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР. Даў ацэнку праведзенаму ачышчэнню Наркамзема, Наркамасветы, АН БССР, БДУ, інш. дзярж., навук. і асв. устаноў ад нацыяналіст. элементаў, выхадцаў з дробнабурж. партый, трацкістаў, правых і інш.; калгасаў і саўгасаў — ад антысав. контррэв. элементаў. З’езд прыняў зварот да працоўных рэспублікі і байцоў БВА, у якім заклікаў цясней згуртавацца вакол КП(б)Б, памножыць намаганні ў барацьбе за перамогу сацыялізму, супраць здраднікаў пралетарскай рэвалюцыі — трацкістаў, правых апартуністаў, контррэв. бел. нацдэмаў. Выбраў ЦК КП(б)Б са 103 чл. і 43 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 11 чл., 38 дэлегатаў на XVII з’езд ВКП(б).
Літ.:
Резолюции XV съезда КП(б)Б. Мн., 1934;
Гікала М.Ф. Адчотны даклад XV з’езду аб рабоце ЦК КП(б)Б. Мн., 1934.
Р.П.Платонаў.
т. 13, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)